ВО́ЛЬНЫ ГО́РАД,
горад з асаблівым міжнар. рэжымам, вылучаны ў самаст. паліт. адзінку, прававы статус якога вызначаецца міжнар. дагаворамі і гарантуецца дзяржавамі ці міжнар. арг-цыямі. Назва засталася ад сярэднявечча, калі вольнымі гарадамі называлі ням. гарады Гамбург, Брэмен, Рэгенсбург, Любек, Франкфурт-на-Майне і інш., што не залежалі ад феад. княстваў. Паступова вольныя гарады ўраўняліся з імперскімі гарадамі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 статус вольнага горада атрымаў Кракаў, паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 — Гданьск (Данцыг). Пасля 2-й сусв. вайны быў распрацаваны статус вольнага горада Трыесту (Італія), але не быў уведзены. Рэжым, блізкі да вольнага горада, існаваў у Танжэры (Марока), Зах. Берліне і інш.
т. 4, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)